СУДО́ВЫЯ ВЫДА́ТКІ,
сумы, патрачаныя ў сувязі з разглядам судовай справы. Па грамадз. і гасп. справах складаюцца з дзярж. пошліны па іскавых заявах і касацыйных скаргах, сум, што належаць аплаце сведкам і экспертам, на правядзенне агляду на месцы і выкананне рашэнняў суда, выдаткаў на пошукі адказчыка і інш. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь С.в. спаганяюцца з адказчыка або з істца, калі яго дамаганні прызнаны неабгрунтаванымі. С.в. па крымін. справах спаганяюцца з асуджаных або могуць быць аднесены на кошт дзяржавы ў выпадку прызнання апошніх неплацежаздольнымі. Па шэрагу катэгорый грамадзянскіх спраў (аліментныя, працоўныя і інш.) істцы ад аплаты С.в. вызваляюцца.
т. 15, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)